У Пінску ёсць незвычайны музей, які знаходзіцца ў будынку былога езуіцкага калегіума ХVII стагоддзя. Тут можна акунуцца ў атмасферу быта палешукоў пачатку ХХ стагоддзя, пазнаёміцца з гісторыяй Піншчыны, а таксама ўбачыць унікальныя артэфакты, знойдзеныя падчас раскопак на Пінскім замчышчы. Прайшліся па музейных экспазіцыях і распявадаем, на што звярнуць увагу.

музей Палесся1.jpg

Што паглядзець у музеі? 

Музей Беларускага Палесся займае два паверхі былога Калегіума езуітаў. У ім размяшчаюцца экспазіцыі, якія распавядаюць пра культуру, гісторыю і быт жыхароў Палесся ў розныя гістарычныя эпохі. Напрыклад, “Промыслы і рамёствы Палесся” ці “Гарадскі побыт пачатку ХХ стагоддзя”.

Таксама можна ўбачыць часовыя экспазіцыі. Зараз на першым паверсе музея праводзіцца выстаўка пінскіх запалак, выпушчаных у розныя гады. 

музей Палесся2.jpgМузей Беларускага Палесся знаходзіцца ў будынку былога езуіцкага калегіума ў Пінску, пабудаванага ў ХVII ст. 

Тураўскі саркафаг і драўляны ровар 

Адчуць увесь каларыт палескага рэгіёна можна менавіта ў экспазіцыі “Промыслы і рамёствы Палесся”. Тут размешчаны розныя бытавыя прадметы палешукоў пачатку ХХ стагоддзя, нацыянальныя строі, рушнікі, посуд, абутак, мэбля… 

Сярод іх ёсць цікавы экспанат – адзіны ў Беларусі драўляны ровар, які выкупілі ў 1933 годзе ў мясцовага рамесніка Васіля Ільючыка за 10 злотых. Мужчына зрабіў яго сам, па чарцяжах з польскага часопіса. 

Драўляны ровар у музеі Беларускага Палесся ў Пінску 

Далей размяшчаюцца прадметы, звязаныя з промысламі рэгіёна, якія былі распаўсюджаны на Палессі ў розныя гістарычныя перыяды. 

Напрыклад, пра рыбалоўства расказваюць старыя прылады для лоўлі рыбы. 

Тут жа знаходзіцца месца працы каваля, прылады пчалярства і іншае. 

Месца працы каваля

Паглядзець на тое, як раней жылі гараджане Пінска, можна на экспазіцыі “Гарадскі побыт пачатку ХХ стагоддзя”. Тут можна ўбачыць старую мэблю, гадзіннік, тэлефон, адзенне, швейную машынку... 

#GALLERY_1# 

Адна з найбольш цікавых экспазіцый – “Гісторыя Піншчыны ад старажытных часоў і да пачатку ХХ ст.” У ёй выстаўлены вельмі старажытныя экспанаты. 

Так, напрыклад, тут размяшчаецца віслая пячатка Кіеўскага князя Ізяслава Яраславіча ХІ ст. Такія пячаткі падвешваліся да дакумента або якога-небудзь прадмета.  

Віслая пячатка князя Ізяслава Яраславіча (ХІ ст.) ў Музеі Беларускага Палесся 

Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены косці мамантаў і тураўскі саркафаг ХІІ ст., зроблены з ружовага сланца. Гэта адзін з трох саркафагаў, якія знайшлі ў Тураве. Для каго яго зрабілі, невядома, таму што саркафагі былі пустыя. Супрацоўнікі музея лічаць, што яго маглі прывезці з Закарпацця. Таксама ёсць легенда, што такія саркафагі загадаў зрабіць тураўскі князь для сваіх дачок, якія рана памерлі.  

Яшчэ тут можна ўбачыць відэлец вікінгаў ХІІ ст., адно з выданняў 3-га Статута ВКЛ, надрукаванае ў Вільні ў ХVII стагоддзі, старадаўнія жаночыя ўпрыгожванні, калекцыя керамічных плітак ХІ ст. і шмат чаго іншага.

Косці маманта ў Музеі Беларускага Палесся ў Пінску


Тураўскі саркафаг ХІІ ст. у Музеі Беларускага Палесся 

Ёсць выстава, прысвечаная Першай сусветнай вайне на Піншчыне, дзе можна ўбачыць зброю нямецкіх і рускіх ваенных, старыя фотаздымкі, агітацыйныя плакаты…




Экспазіцыя “Піншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны” знаёміць з гісторыяй фарміравання аднаго з першых партызанскіх атрадаў пад камандаваннем Васіля Захаравіча Каржа, пінскім гета, баях за вызваленне Піншчыны ў ліпені 1944 года… 

#GALLERY_2#

Карцінная галерэя – “палесская Трэццякоўка” 

Асобнае месца ў музеі займае карцінная галерэя, у якой размяшчаюцца карціны XVIІI-XX стагоддзяў. Сярод іх ёсць арыгінальныя палотны такіх знакамітых мастакоў, як Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Юдэль Пэн, Іван Шышкін, Іван Айвазоўскі, Васіль Пяроў, Віктар Васняцоў, Васіль Паленаў.


Але як такія карціны патрапілі ў Пінск? Гэта была ініцыятыва мясцовага мастацтвазнаўцы Уладзіміра Баравікова. Менавіта ён заснаваў Пінскую карцінную галерэю ў 1965 годзе.


Спецыяліст выпрасіў у міністра культуры СССР Кацярыны Фурцавай унікальную калекцыю карцін вядомых мастакоў. Ён ездзіў да яе на прыём і пісаў лісты з просьбамі. 

Іван Айвазоўскі "Мора", 1847 год 

Вітольд Бялыніцкі Біруля, "Чайка. Восень"

Юдэль Пэн, “Дзяўчына з шалем” 

Баравікову дазволілі самому выбраць карціны для музея ў Трэцьякоўскай галерэі, Рускім музеі і Мастацкім музеі БССР. Многія з тых карцінаў, што зараз выстаўленыя ў Пінскай галерэі, перадалі ў музей з Дзяржаўнага мастацкага фонда СССР. 

У энтузіяста была мара стварыць у Пінску палесскую Трэццякоўку. І зараз калекцыя жывапісу Музея Беларускага Палесся лічыцца другой па значнасці ў Беларусі пасля Нацыянальнага мастацкага музея ў Мінску. 

“Прырода Палесся” 

Гэтая экспазіцыя, як і галерэя, знаходзіцца на першым паверсе музея. У ёй прадстаўлены чучалы жывёл і птушак, якіх можна сустрэць на Палессі. Цікава, што многія экспанаты былі створаны яшчэ ў 1920-30-х гадах, і да гэтага часу захаваліся ў добрым стане. 

#GALLERY_3#

Як з’явіўся такі музей? 

Музей лічыцца адным з самых старых у Беларусі. Першая спроба яго стварэння адбылася ў 1910 годзе. Але тады ўлады Расійскай імперыі не далі на гэта дазвол. І толькі ў 1924 годзе музей удалося заснаваць.  

Пасля гэтага два гады спецыяльная камісія, на чале з гісторыкам Раманам Гарашкевічам, збірала артэфакты для будучых фондаў.

Для наведвання музей адкрылі ў 1926 годзе. На той момант ён знаходзілася ў доме па вуліцы Касцюшкі 9, і займаў у ім два пакоі. 

Фонды паступова папаўняліся. Некаторыя рэчы прыносілі звычайныя людзі, штосьці перадавалася з іншых музеяў у дар… 



Так, напрыклад, міністэрства адукацыі Польшчы (Пінск, як і ўся Заходняя Беларусь, на той час уваходзіў у склад Польшчы – рэд.) ў 1936 годзе перадала 129 прадметаў мясцовага ткацтва і адзення, а таксама 17 керамічных вырабаў. Кіраванне воднымі шляхамі Польшчы – 32 косці маманта, а міністэрства камунікацыі Польшчы – 54 фотаздымкі з відамі Палесся. 


У 1939-1941 гадах калекцыя музея папаўнялася за кошт канфіскаванай маёмасці ў рэпрэсаваных грамадзян. 

Таксама самі супрацоўнікі музея займаліся даследаваннем Украінскага і Пінскага Палесся. Яны змаглі сабраць унікальныя калекцыі археалогіі, нумізматыкі і этнаграфіі. 

За гады Вялікай Айчыннай вайны шмат артэфактаў музея знікла. У асноўным – з калекцыі 1939-1941 гг. Але паступова фонды ўдалося аднавіць. 


Шмат экспанатаў паступіла ў музей пасля першых археалагічных раскопак на гарадзішчы старажытнага Пінска, якія праходзілі ў 1955 годзе па ініцыятыве супрацоўніка музея Баяна Міралюбава. Сярод іх – унікальная калекцыя керамічных плітак ХІІ ст., кавалак амфары ХІІ ст. з надпісам “ярополче вино”, віслая пячатка князя Ізяслава Яраславіча ХІ стагоддзя і іншыя. 

III Статут ВКЛ (1588 г.). Выданне 1694 года

Рэканструкцыя даспехаў воінаў ВКЛ 

Назва музея некалькі разоў мянялася. Спачатку ён быў проста “Палескім музеем”, з 1940 года перайменаваны ў “Пінскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей”, з 1954-га – у “Пінскі краязнаўчы музей”, з 1979-га – у “Беларускі дзяржаўны музей сацыялістычнага пераўтварэння Палесся”, а ў 1990-м нарэшце атрымаў сучасную назву – “Музей Беларускага Палесся”. Затым, у 1996 годзе, музей “пераехаў” ў памяшканні адрэстаўрыраванага калегіума езуітаў, дзе знаходзіцца і сёння. 

Кошты білетаў у Музей Беларускага Палесся: 

Наведванне без экскурсі: 

школьнікі, навучэнцы, студэнты – 2 руб.

дарослыя – 4 руб. 

Аглядавая экскурсія (школьнікі, навучэнцы, студэнты) – 10 руб. 

Тэматычная экскурсія (дарослыя) – 15 руб. 

Аўтар: Марына Валасар, фота аўтара

*Выкарыстанне і цытаванне гэтага артыкула дапускаецца толькі ў аб’ёме, які не перавышае 20% пры наяўнасці гіперспасылкі. Больш за 20% – толькі з дазволу рэдакцыі.