Учора католікі перажывалі Вялікую суботу - дзень засяроджання і цішыні перад святам Уваскрасення Езуса Хрыста. Вечарам і ноччу адбывалася галоўная святая Імша года - Пасхальная Вігілія. Прапануем невялікі фотарэпартаж з касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах.

Пасхальная вігілія Ляхавічы 2024 019.jpg

Вялікая субота ў каталіцкай традыцыі - гэта дзень чакання Уваскрасення Хрыста. З раніцы і на працягу дня католікі прыходзяць у святыні, моляцца ў цішыні і трываюць ля сімвалічнага гроба Хрыста, разважаючы над цярпеннямі Езуса, Яго смерцю на крыжы і сыходжанню ў адхлань (месца прабывання памерлых).

Таксама ў гэты дзень прынята асвячаць стравы на Велікодны стол - фарбаваныя яйкі, булкі, мясныя прадукты і стравы, соль, ваду, прыправы.

Галоўная святая Імша года, або Пасхальная вігілія, уключае чатыры часткі і распачынаецца з Літургіі святла. Падчас яе святар благаслаўляе агонь і пасхал - вялікую свечку, якая сімвалізуе Хрыста і з’яўляецца важным элементам літургіі.

Пасхальная вігілія Ляхавічы 2024 009.jpg

Пасхальная вігілія Ляхавічы 2024 011.jpg


Ад пасхалу вернікі зазвычай запальваюць свечкі і ідуць з імі ў касцёл. Потым у святыні спяваецца старадаўні грыгарыянскі спеў Exsultet, які абвяшчае радасную навіну пра ўваскрасенне Збаўцы.



У наступнай частцы набажэнства - Літургіі Слова, ўзгадваюцца цуды з Бібліі, якія Бог здзейсніў ад стварэння свету для таго, каб збавіць усіх людзей.




Падчас трэцяй часткі - Літургіі Хросту, у касцёлах звычайна ўдзяляецца сакрамэнт хросту і асвячаецца вада. Таксама вернікі, трымаючы ў руках запаленыя ад пасхала свечкі, аднаўляюць абяцанні, дадзеныя падчас уласнага хросту.





І завяршаецца набажэнства Эўхарыстычнай Літургіяй - святой Імшой са звычайным парадкам.


У некаторых святынях, як, напрыклад, у касцёле Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Ляхавічах, таксама адбываецца рэзурэкцыйная працэсія. Але найчасцей у Беларусі яна праводзіцца перад Урачыстай Імшой на світанні.

#GALLERY_1#


Марына Валасар, фота аўтара